КА́МЕРНАЯ МУ́ЗЫКА,

галіна муз. мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невял. складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя муз. драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый. Асн. разнавіднасці твораў К.м. — раманс, вак. цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыо, квартэт, квінтэт і інш.), інстр. п’есы і цыклы п’ес.

Тэрмін «К.м.» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі. звязанай пераважна з быт. (хатнім) музіцыраваннем, царк. і тэатр. музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інстр. жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф.​Шуберт, Р.​Шуман. З 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 ст. значныя дасягненні ў К.м. належаць Ф.​Шапэну, І.​Брамсу, А.​Дворжаку, Х.​Вольфу, К.​Дэбюсі, Л.​Яначаку, Б.​Бартаку, П.​Хіндэміту, М.​Глінку, А.​Даргамыжскаму, М.​Мусаргскаму, П.​Чайкоўскаму, С.​Танееву, С.​Рахманінаву, А.​Скрабіну, М.​Метнеру, Дз.​Шастаковічу, С.​Пракоф’еву, М.​Мяскоўскаму, Г.​Свірыдаву.

На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А.​Абрамовічу, І.​Глінскаму, М.​Ельскаму, Н.​Орду, Ф.​Міладоўскаму, В.​Казлоўскаму. У 20 ст. К.м. фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця бел. муз. культуры. У інстр. творах 1920—30-х г. характэрная рыса — цытаванне фалькл. матэрыялу (квартэты М.​Крошнера, М.​Чуркіна, В.​Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М.​Аладава, А.​Багатырова, П.​Падкавырава, Р.​Пукста, Я.​Цікоцкага. Вакальная К.м. бел. кампазітараў ахоплівае рамансы і вак. цыклы (Л.​Абеліёвіч, Багатыроў, Г.​Гарэлава, Дз.​Лукас, Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Тырманд, Л.​Шлег). Інстр. мініяцюры ёсць ва ўсіх бел. кампазітараў, але найб. іх стварылі Абеліёвіч, Я.​Глебаў, В.​Карэтнікаў, Падкавыраў, Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В.​Войцік, С.​Картэс, А.​Навахрост, Ф.​Пыталеў, Тырманд, К.​Цесакоў, Шлег і інш. Побач з традыц. інстр. складамі бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць у К.м. духавыя, ударныя і нар. муз. інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С.​Бельцюкоў, Гарэлава, У.​Кур’ян, Смольскі, Шлег). На стылістыцы К.м. адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі бел. муз. мастацтва на розных этапах яго развіцця.

Літ.:

Рацкая Ц.С. Советская камерная музыка. М., 1965;

Раабен Л.Н. Советская камерно-инструментальная музыка. Л., 1963;

Яго ж. Камерная инструментальная музыка первой половины XX в.: Страны Европы и Америки. Л., 1986;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Антоневич В.А. Камерно-инструментальная музыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)